Вы праглядаеце суполку [info]suc_biel_lit

Папярэдні запіс | Наступны запіс

Вымушаны ўздымаць гэтую тэму. І буду рабіць такое бясконца, пакуль у Беларусі адбываецца гвалт з мастацкага слова, пакуль ваяўнічыя бяздарнасці трыумфальна друкуюцца за дзяржаўны кошт замест стваральнікаў літаратурных шэдэўраў.

 

Спадары, з усёй адказнасцю заяўляю, што беларуская літаратура, надзвычай бедная геніяльнымі творамі, не можа сабе дазволіць раскошу імі раскідвацца, хоць бы яны ў арыгінале пісаліся па-руску. (Бо мы ж не дазваляем кануць у лету колішнім творам польскамоўных беларусаў.)

 

Рэчаіснасць сведчыць, што ў беларускамоўнай прозе ёсць толькі тры яўныя і бясспрэчныя шэдэўры (“Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі” Караткевіча і “Сотнікаў” Быкава). Ёсць яшчэ некалькі твораў (2–3), якія на гэта прэтэндуюць, але якія ацаніць так высока я не адважуся. І скажыце на міласць, ці можам мы пры такой масе шэрасці і баласту не выдаваць за дзяржаўны кошт памерлага рускамоўнага мінчаніна Уладзіміра Машкова, дзіцячага пісьменніка, які вядомы далёка за межамі нашай радзімы (ЗША, Ізраіль, Расея, уся постсавецкая прастора)? Ці можам мы дазволіць подласць аддаць забыццю шэдэўры, якія намаганнямі выдаўца Ул.Ягоўдзіка ўжо пераствораны па-беларуску? І гэта на фоне таго, што дзецям, за рэдкім выключэннем, навязваюць у школах чытаць няўклюдныя, дэбільныя, а галоўнае, бяздарныя творы “сваіх”? Дык давайце тады выкінем з нашай гісторыі творчасць Яна Баршчэўскага, што тварыў на “чужой” польскай мове. (Я ўцямна тлумачу?..)

 

Вось якога кшталту “мастацкая” літаратура штампуецца ў адзіным дзяржаўным профільным выдавецтве:

Чумаков Л.

Раки. Моллюски. Пиявки. Таинственные жители водоемов : Очерки.— Минск: Маст. літ., 2008.— 72 с.— (Земля моя).

Книга посвящена таинственному миру беспозвоночных животных, которые живут в водоемах. Читатель познакомится с загадочной губкой-бадягой, гидрой, которая самовозрождается, малоизвестными, но очень интересными мшанками.

 

Пра Уладзіміра Машкова я пісаў у “ЛіМе” і “Полымі”, спрабуючы дастукацца да сэрцаў “Мастацкай літаратуры” і складальнікаў школьных праграмаў. У выніку да сямідзесяцігоддзя адышоўшага ў вечнасць генія (сцвярджаю) дзіцячай літаратуры планавалася ў  “МЛ” кніга яго аповесцяў у мінулым годзе. Аднак дагэтуль у каталогах гэтага шаноўнага выдавецтва кнігі Машкова няма (пісьменніку хутка будзе ўжо 71 год ад нараджэння).

 

Няма сродкаў? А на баласт, на бяздарнасцяў, якіх плоймы, у дзяржавы сродкаў хапіла? Генералы СПБ у “золаце” сябе павыдавалі не толькі ў “Мастацкай літаратуры”, а і ў “Харвесце”. Ужо па другім крузе ідуць...

 

Я не буду чытаць мараль і называць імёны, якіх кожны ведае. Астабрыдла да млосці кранаць гэтыя мёртвыя душы. Проста яшчэ раз звяртаю ўвагу літаратурнай грамадскасці, што з шасці шэдэўраў мастацкай літаратуры, што выдала наша зямля за сотню гадоў, тры належаць дзіцячаму пісьменніку Уладзіміру Машкову.


Дзіцячы час Уладзіміра Машкова,
або Зноў пра нашу няпамятлівасць

 

(Для не знаёмых з яго творчасцю яшчэ раз дублірую пад катам свой лімаўскі артыкул:)

 

Мы, беларусы, надзіва шчодрыя людзі. Тэнісістка Марыя Шарапава з гамяльчанінам бацькам, жывучы ў ЗША, праслаўляюць расійскі сцяг. Выхадцы з Беларусі займаюць віднае месца ў расійскай палітыцы. Нашы маладыя спевакі перамагаюць на расійскіх тэлеконкурсах песні. Нашы пісьменнікі шчыруюць зноў жа на рынку ўсходняй суседкі. І толькі няма прарока ў сваёй айчыне — на Беларусі.

 

Гаворка далей пойдзе, натуральна, пра літаратуру, а дакладней, пра дзіцячую літаратуру, пра стан і перспектывы якой неаднойчы гутарылі на старонках “ЛіМа”. Са шматлікіх дыскусій і артыкулаў вынікала, што ў нас дзіцячая літаратура знаходзіцца ў катастрафічным стане, што талентаў па пальцах адной рукі можна пералічыць і г.д. Аднак, спадары, перш чым разважаць пра сучаснае і будучае беларускай дзіцячай літаратуры, напэўна, трэба не забывацца пра яе мінулае. А то міжволі складваецца ўражанне, што ў нас з вартых твораў ёсць толькі “Палескія рабінзоны” шаноўнага Янкі Маўра.

 

За шмат гадоў чытання нашай літаратурнай перыёдыкі я лічаныя разы сустракаў імя пісьменніка Уладзіміра Машкова. А з часу яго смерці — прайшло гадоў пяць — пра яго практычна не ўзгадваюць. І гэта на фоне жалобнага ляманту пра дзіцячую літаратуру. А між тым творы Ул.Машкова на слыху ў розных пакаленняў людзей. Яго кнігамі, што выдаваліся на Беларусі з сярэдзіны 60-х гадоў, зачытваюцца і па сёння. Колькі разоў я, вымавіўшы ў розных кампаніях назвы яго дзіцячых аповесцяў, імгненна чуў жывую рэакцыю. «Между «А» и «Б», «Веселая дюжина», «Как я был вундеркиндом», «Соскучился по дождику» (знарок прыводжу назвы твораў па-руску — так, як яны пісаліся, друкаваліся і ўваходзілі ў грамадскую свядомасць) — без перабольшвання можна назваць культавымі. Яны сталі такімі без усякай штучнай раскруткі праз літаратурныя прэміі, тусоўкі, яркія тэлеэкранізацыі, без увядзення ў школьныя падручнікі. З таго, што пастаўлена па творах Машкова, я запомніў толькі тэлеспектакль па «Между «А» и «Б» і надзвычай няўдалы фільм па «Как я был вундеркиндом», зняты на “Беларусьфільме”. Той жа “Беларусьфільм” зняў шэдэўральныя дзіцячыя стужкі па творах А.Рыбакова, і яшчэ нямала выбітных дзіцячых фільмаў. Гэта і зразумела, на экранізацыю расійскіх аўтараў выдаткоўваліся сур’ёзныя сродкі, запрашаліся лепшыя акцёры і рэжысёры. Машкоў жа быў тутэйшы, мінчанін, а значыць, па тым часе — правінцыял.

 

І ўсё ж мастацкая вартасць літаратурных твораў — рэч непарушная. Яны рана ці позна атрымоўваюць належную ацэнку, займаюць адпаведнае месца ў літаратурнай іерархіі. Ужо абдумаўшы гэты артыкул, я рашыў пашукаць узгадванні пра Ул.Машкова ў Інтэрнеце і, на сваё здзіўленне, выявіў, што яго аповесці ўключаны ў самую багатую і вядомую рускамоўную электронную бібліятэку http://www.lib.ru. А туды не ўносяць за прыгожыя вочы і дзяржаўныя прэміі. Там прадстаўлены толькі лепшыя творы расійскіх пісьменнікаў і сусветная класіка. Для параўнання, з беларускіх класікаў у http://www.lib.ru патрапілі толькі Быкаў і Караткевіч.

 

Што лепшыя дзіцячыя аповесці Ул.Машкова з’яўляюцца літаратурнымі шэдэўрамі, для мяне было ясна даўно. Іх вартасць я правяраў гадамі. З часу, калі ледзьве навучыўся чытаць, і да нашых дзён, калі парадкам абазнаўся ў літаратуры, я перачытваў творы Ул.Машкова незлічоную колькасць разоў. І цяпер, як і ў сямігадовым узросце, захапляюся, нават прыдзірлівым вокам крытыка не знаходжу ў іх слабых месцаў.

 

Чаму я насмеліўся даць такую высокую ацэнку творчасці Ул.Машкова. А таму, напрыклад, што звышпапулярныя аповесці А.Рыбакова (“Корцік, “Бронзавая птушка”), пры ўсёй іх мастацкай сіле, нашмат саступаюць творам нашага земляка. Рыбакоў выкарыстоўвае сюжэт Марка Твэна, дзе “добрыя” шукаюць скарб, а “дрэнныя” ім замінаюць. Да таго ж яго аповесці гожа падпявалі сацыялістычнаму ладу жыцця, савецкай ідэалогіі. Змяніўся час — і актуальнасць іх змізарнела.

 

У любімых мной “Палескіх рабінзонах” Я.Маўра прысутнічаюць ідэі Д.Дэфо і таго ж М.Твэна. У разрэкламаваных праз мультфільмы творах Э.Успенскага пра ката Матроскіна праглядваюцца прыёмы славутай Астрыд Ліндгрэн.

 

Ул.Машкоў жа, апрача мастацкай пераканаўчасці тэкстаў, гранічна арыгінальны. У яго, нягледзячы на суровы час напісання твораў, няма “савецкіх” нацяжак, дакучлівых павучанняў і фальшывага пафасу. Ён “глядзіць” на свет вачыма дзіцяці, як правіла пішучы ад першай асобы. Ён геніяльна пераўвасабляецца ў персанажы і выклікае адназначны давер чытачоў, прычым як дзяцей, так і дарослых. Ствараецца поўная ілюзія, што табе апавядае сам герой-падлетак! Машкоў не эксплуатуе вядомыя сюжэты, а бярэ тэмы з надзённага жыцця, “з-пад ног”, не абвастраючы іх прыцягнутай за вушы героікай. У тэкстах ніякай вады, тонкая іронія, дабрыня, прыроднае пачуццё меры; мараль не ляжыць на паверхні, а крыецца ў глыбінях, куды чытач мусіць самастойна пранікнуць. Усе аповесці адна на адну не падобныя, пісьменнік не паўтарае нават уласныя прыёмы.

 

Вось сцісла пра сюжэты лепшых твораў Ул.Машкова, каб было зразумела тым, хто не чытаў.

 

“Паміж “А” і “Б”. Галоўны герой — шасцікласнік, разгільдзяй, прайдоха, бязбацькавіч, выклікае сімпатыю з першых жа старонак. За шматлікія правіны яго пераводзяць з элітнага класа “А” ў другарадны “Б”. Там яго ацэньваюць за ўменне гуляць у футбол, за шчырасць і вулічную адвагу. Адчуўшы падтрымку, ён прыводзіць клас “Б” на першае месца па футболе, па ваенна-патрыятычнай працы і г.д. Пры канцы навучальнага года клас “Б” выходзіць у лідэры па розных паказчыках. Клас “А” ў разгубленасці. Усё мусіць вырашыць спаборніцкі турпаход на пачатку лета, дзе герой апынаецца перад няпростым маральным выбарам: у старым класе — даўні сябар і дзяўчынка, якую ён пакахаў. Аповесць насычана трагі-камічнымі сітуацыямі, трымае ў напрузе да апошніх радкоў, ненавязліва выхоўвае лепшыя чалавечыя якасці. Яна актуальная сёння, як і сорак гадоў таму, бо засяроджваецца не на побыце, звязаным з пэўным часам, а на душы чалавека.

 

“Як я быў вундэркіндам”. Тут галоўны герой, наадварот, ніякі не разгільдзяй, а выдатнік вучобы. Ён загружаны дадатковымі заняткамі і не мае ні хвіліны аддухі. Пасля школы калясіць па горадзе па настаўніках, што выкладаюць яму англійскую мову, фізіку, матэматыку, музыку і нават плаванне. Вяртаецца так позна, што бацькі ўжо спяць, і мусіць гутарыць з імі праз ліставанне (выдатны гратэск). Аднакласнікі яго не любяць, з ім не сябруюць, ён не ведае, чым заняцца на пераменках. Але ёсць сусед Грышка, аднагодак, шустры малец, які нечакана адкрывае для героя чароўны свет дзіцячых гульняў, прыгодаў, увогуле прыгажосці жыцця. Герой, каб выбавіцца з цянётаў дадатковых заняткаў, прыкідваецца перад настаўнікамі невукам. Ён паступова ператвараецца ў звычайнага хлопчыка, здольнага на самыя хітрыя, рызыкоўныя і разам з тым высакародныя ўчынкі. Складаная псіхалагічная задача твора вырашаецца Машковым з нязмушанай лёгкасцю. Аповесць чытаецца неадрыўна.

 

“Засумаваў па дожджыку”, на маю думку, найлепшы твор Ул.Машкова, апавядае пра ўцёкі падлетка, гамяльчаніна, з дому з-за праблем у сям’і і школе. Ён трапляе на ўзбярэжжа Чорнага мора, дзе бяздомнічае і выжывае за кошт кемлівасці ды адвагі; напрыканцы герой дасягае аж Валгаграда. Яго, вядома ж, шукае міліцыя, збіваецца з ног. Аповесць напоўнена, акрамя ўсяго, лірызмам, нейкім прасветленым сумам; падача матэрыялу абсалютна новая, самабытная. Сказаць, што твор проста займальны і многаму вучыць — гэта будзе мала і скупа. Ён ашаламляе і занатоўваецца ў памяці назаўжды, шмат у чым памагае на далейшых жыццёвых дарогах.

 

Аднак узгаданыя аповесці Ул.Машкова, як усякі высокамастацкі твор, — гэта больш чым жыццё. Гэта сінтэз найбольш характэрных і яскравых яго праяў. Гэта свой арыгінальны, абасоблены свет, дзіцячы свет. Нездарма кніга Ул.Машкова, дзе сабраны лепшыя творы пад адной вокладкай, называецца «Детское время» («Юнацтва», 1987 г., 528 с., тыраж 125.000 ас.). Кніга нашага земляка, пісьменніка унікальнага таленту, творы якога могуць годна прадстаўляць нашу літаратуру на сусветным узроўні. Усё цяпер залежыць ад нас, ад таго, ці захочам мы быць годна прадстаўлены. Або звыкла захінёмся лозунгам “у нас нічога няма” і будзем вырашаць асабістыя кнігавыдавецкія справы? Бо прызнаўшы, што ў нас “нешта ёсць”, неабходна аддаваць друкаваную плошчу таленавітым. Ці ўсе на гэта гатовыя?

 

Чытайце, калі ласка, кнігі Уладзіміра Машкова, купляйце (для гэтага прынамсі трэба іх перавыдаць) сваім дзецям і ўнукам. Магчыма, нехта з іх, апанаваны белай зайздрасцю, стане калі-небудзь пісьменнікам. Або проста добрым чалавекам. А гэта, сябры, нямала.

 

Апошняя аповесць Ул.Машкова, выдадзеная асобнай кнігай недзе ў серэдзіне 90-х, уяўляла з сябе адно бледны цень яго лепшых аповесцяў (і тым не менш распрадалася за тыдзень). Надышоў час гвалту і рэзруху. “Дзіцячы час” Уладзіміра Машкова закончыўся. На мяжы тысячагоддзяў страшная хвароба забрала ад нас найвыбітнейшага (гавару адказна і смела) дзіцячага пісьменніка Беларусі.

Давайце ж шанаваць яго памяць. Выдаваць яго кнігі. Перакладаць іх на нацыянальную мову. Дзеля сваіх дзяцей. Дзеля нашай далёкай і блізкай будучыні.

 

Міхась Южык


 

Comments

( 8 камэнтароў — Пракамэнтаваць )
[info]ku_palinka wrote:
21 Крс 2009 11:32 (UTC)
Самае цікавае ў вашым пасьце - не жаданне прыцягнуць увагу да дзіцячага пісьменніка (суполку ўсё адно чытаюць не выдаўцы Мастацкай літаратуры), а вылучэнне шэдэўраў беларускай літаратуры. Наскок.
[info]iuzhyk wrote:
21 Крс 2009 11:51 (UTC)
"(суполку ўсё адно чытаюць не выдаўцы Мастацкай літаратуры)"

Адкуль такая ўпэўненасць?
(Са свечкай жа ніхто не стаіць.)
[info]kacia_kaciaryna wrote:
21 Крс 2009 11:44 (UTC)
"Детское время" - мая ўлюбёная кніга ў дзяцінстве, перачытаная не адзін раз. А я й ня ведала, што гэта беларускі аўтар.
[info]iuzhyk wrote:
21 Крс 2009 11:53 (UTC)
І маглі б не даведацца. Бо Машкова выгадна замоўчваць. На яго фоне некаторыя выглядаюць... самі разумееце як.
[info]annimo_orwe wrote:
21 Крс 2009 15:35 (UTC)
Отличный пост. Полностью согласен со сказанным. Автор - молодец.
[info]ales_mazanik wrote:
22 Крс 2009 06:23 (UTC)
Некалькі разоў перачытваў "Як я быў вундэркіндам", выбітны твор.
Аднак сапраўды, нягледзячы на беларускае выдавецтва, ніколі не асацыяваў Машкова як беллітаратара.
Цікава было б перавыдаць па-беларуску:)
Наконт паста збольшага згодны, аднак дастукацца да пэўных спадарош наўрад ці атрымаецца.
[info]iuzhyk wrote:
22 Крс 2009 08:44 (UTC)
Наколькі я ведаю (не на 100 адсот.), што Ул.Ягоўдзік (былы гал.рэд. "Бярозкі") не так даўно выдаваў у перакладзе на бел. мову кнігу Машкова. Аднак наклад, відаць, невялікі і нідзе ў афіцыйным друку я рэкламы не прачытаў.

"Як я быў вундэркіндам" і "Паміж "А" і "Б", будучы ўведзенымі ў школьную праграму, сапраўды маглі б пашырыць жывую цікавасць да беларускай мовы. Прынамсі школьнікі гэта чыталі б не з-пад палкі.

Дарэчы, Машкоў сябраваў з Барадуліным ды інш., пры выпадку размаўляў па-беларуску свабодна.
[info]ales_mazanik wrote:
22 Крс 2009 20:03 (UTC)
Згодны адносна пашырэньня цікавосьці, вось толькі на белмове ня бачыў і нават ня чуў, мяркую, калі што давядзецца перавыдаваць за ўласныя сродкі.
( 8 камэнтароў — Пракамэнтаваць )

Profile

СБЛ
[info]suc_biel_lit
Усё пра сучасную беларускую літаратуру

Latest Month

Тра 2012
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Tags

Распрацавана LiveJournal.com